Хуткімі тэмпамі развіваецца ў Беларусі турызм. У многіх установах адукацыі, у тым ліку сярэдніх спецыяльных, рыхтуюць спецыялістаў дадзенай сферы. Прайшло два гады, як у Полацкім каледжы УА «ВДУ імя П.М.Машэрава» адкрылася спецыяльнасць «Турызм і гасціннасць». За гэты невялікі тэрмін выкладчыкі і навучэнцы зрабілі шмат напрацовак, якімі былі ўражаны ўдзельнікі міжнароднага навукова-практычнага семінара «Мадэрнізацыя і ўкараненне бізнэс-адукацыйных праграм для падрыхтоўкі спецыялістаў у туріндустрыі Рэспублікі Беларусь».
Прызнанне прафесіяналаў
Семінар праходзіў у межах праекта Еўрапейскага Саюза «TEMPUS-2008», накіраванага на паляпшэнне акадэмічнай адукацыі ў нашай краіне, мадэрнізацыю вучэбных планаў і праграм для спецыялістаў у галіне турызму. Вітаючы гасцей з Германіі, Італіі, Сербіі, Чэхіі, прадстаўнікоў беларускіх універсітэтаў, дырэктар каледжа Таццяна Полушкіна падзякавала кіраўнікам праекта

за магчымасць прыняць удзел у такім значным форуме. «Гэта прызнанне нашай сумеснай работы з Віцебскім дзяржаўным універсітэтам па падрыхтоўцы кадраў для турыстычнага бізнесу Рэспублікі Беларусь», — падкрэсліла яна.
Для ўдзельнікаў канферэнцыі былі падрыхтаваны канцэрт, медыя-прэзентацыя навучальнай установы і спецыяльнасці «Турызм і гасціннасць». Падчас экскурсіі па каледжы яны азнаёміліся з метадычнымі і навуковымі даследваннямі ў турсферы, наведалі вучэбныя аўдыторыі і камп’ютарныя класы. Замежныя спецыялісты звярнулі ўвагу на актыўны, паслядоўны падыход выкладчыкаў і навучэнцаў да асваення новай спецыяльнасці.
Добрая навіна
Выступаючы за «круглым сталом», каардынатар «TEMPUS-2008», прафесар Універсітэта Падэборн (ФРГ) Клаус Разенталь расказаў, што праект скіраваны на далучэнне беларускіх вну да Еўрапейскай сістэмы адукацыі, пашырэнне сеткі кантактаў паміж рознымі краінамі, павялічэнне узаемаабмену выкладчыкамі і студэнтамі. Айчынныя вышэйшыя навучальныя ўстановы-ўдзельнікі «TEMPUS-2008» атрымліваюць таксама тэхнічную падтрымку: новыя камп’ютарныя класы, лінгафонныя кабінеты, спецыялізаваную літаратуру… Паведаміў Клаус Разенталь і добрую навіну непасрэдна для каледжа: на разгляд Еўрапейскай камісіі пададзена заява на праект, мэта якога — павышэнне кваліфікацыі для выкладчыкаў сферы прафесійнай адукацыі, на ўзроўні тэхнікумаў, вучылішчаў, ліцэяў, а таксама падрыхтоўка кадраў для турыстычнага сектару… Пытанне ўзгоднена з Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі, падтрымана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. У праект уключаны Брэст, Гродна, Віцебск, Гомель, Горкі і ўсе сярэднія спецыяльныя ўстановы, якія ўваходзяць у іх структуры.

«Лічу, што каледж гатовы стаць партнёрам такога сур’ёзнага праекта, як «TEMPUS», — выказаўся дэкан гістарычнага факультэта ВДУ Валерый Шорац. — Якасць падрыхтоўкі турменэджэраў пацверджана дзяржаўнай акрэдытацыяй спецыяльнасці. Да таго ж ва універсітэце таксама ёсць вопыт падрыхтоўкі спецыялістаў гэтай сферы».
Пра магчымасці навучання ў Інстытуце турызму Беларускага дзяржуніверсітэта фізічнай культуры расказала яго рэктар Людміла Сакун. З падзякамі за цёплы прыём выступілі прадстаўнікі Пражскага эканамічнага універсітэта (Чэхія), Універсітэта Матэя Бэла (Баньска Быстрыца, Славакія).
Дырэктар Дэпартамента турызму Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Віктар Якавенка адзначыў, што сёння ў краіне 18 вну і 5 каледжаў рыхтуюць спецыялістаў у дадзенай сферы, рэальная аддача ёсць толькі ад 6 вну і 2 каледжаў, у тым ліку і Полацкага каледжа УА «ВДУ імя П.М.Машэрава». «Нам патрэбны разумныя спецыялісты, якія ведаюць, як працаваць, валодаюць замежнымі мовамі, могуць суадносіць свае магчымасці з патрабаваннямі ва ўсім свеце», — падкрэсліў ён.
На трох мовах
Напрацаваныя прафесійныя навыкі прадэманстравалі будучыя спецыялісты ў сферы турызму. Яны правялі экскурсію па цэнтральнай вуліцы самага старажытнага горада Беларусі. Госці даведаліся пра знакамітых палачан Францыска Скарыну і Сімяона Полацкага, гісторыю стварэння Сафійскага сабора і помніка героям Айчыннай вайны 1812 года, памятных знакаў — літары «ў» і «Полацк — геаграфічны цэнтр Еўропы», наведалі Музей беларускага кнігадрукавання. Аднак найбольш уразіў дасведчаных экскурсантаў расказ пра Еўфрасінню Полацкую, які маладыя экскурсаводы вялі ўтрох і аж на трох мовах — рускай, англійскай і нямецкай! Эксперты з Еўропы падкрэслілі дэталізаваны падыход да экскурсіі, выдатнае валоданне замежнымі мовамі, якое адкрые дадатковыя перспектывы прафесійнага росту.